Удзел у Міжнароднай выставе «ProWine São Paulo 2026»
09.10.2026 г.Беларусь упершыню прадстаўлена на Міжнароднай выставе він і спіртных напіткаў «ProWine São Paulo» — галоўнай прафесійнай B2B-пляцоўцы алкагольнай індустрыі ў Лацінскай Амерыцы, якая сабрала ў гэтым годзе больш як 20000 наведвальнікаў і 2000 экспанентаў з 43 краін свету.

У рамках арганізаванай пры садзейнічанні Пасольства Беларусі ў Бразіліі экспазіцыі бразільскім дыстрыбутарам, прадстаўнікам буйных гандлёвых сетак і гасцінічна-рэстараннага бізнесу прадстаўлены шырокі асартымент беларускай прадукцыі. Апроч традыцыйных пазіцый цікавасць рэгіянальных імпарцёраў і дыстрыбутараў выклікалі настойкі, бальзамы і асновы для кактэйляў арыгінальнай рэцэптуры.
У ходзе перагавораў з патэнцыяльнымі партнёрамі абмеркаваны перспектывы павелічэння аб'ёмаў прамога экспарту беларускага алкаголю як на рынак Бразіліі, так і ў іншыя краіны МЕРКАСУР, а таксама асаблівасці лагістыкі і сертыфікацыйных працэдур.

Рынак Лацінскай Амерыкі — адзін з найбольш геаграфічна аддаленых экспартных напрамкаў для беларускіх вытворцаў алкагольнай прадукцыі. Удзел у выставачным форуме, які прайшоў у дзелавой сталіцы Бразіліі, нацэлены на практычнае асваенне гэтага перспектыўнага рэгіёну.